Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц

(1870-1936)


Галоўная  Уводзіны  Біяграфія  Творчасць  Карціны  Музей  в. Багданава

Літаратура  Вэб-рэсурсы  Матэрыял  Гумар  Гасцявая  Творца

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Старонка1 | Старонка2 | Старонка3 | Старонка4


 

Крыніцы творчасці  мастака

(Старонка1 | Старонка2 | Старонка3 | Старонка4)

Да варшаўскага перыяду творчасці мастака належыць адзін з найбольш вядомых ягоных твораў “Nec mergitur” (1904-1905, алей, палатно, 204×221; уласнасць Дзяржаўнага мастацкага музея ў Вільні).

6 студзеня 1907 года ў Кракаве памірае Ян Станіслаўскі. Ад Рады Кракаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (АПМ) Рушчыц атрымлівае запрашэнне на вакантнае пасля смерці Станіслаўскага месца загадчыка кафедры пейзажнага жывапісу. У чэрвені 1907 года ён звальняецца з Варшаўскай ШПМ і ў лістападзе таго ж года пераязджае ў Кракаў. Яшчэ ўлетку яго выбіраюць старшынёй ТПМ “Sztuka”.

Да канца навучальнага 1907-1908 года Рушчыц ўзначальваў у АПМ спецыялізаваную  пейзажную школу. Інтрыгі ў Акадэміі і разлад сярод кракаўскіх мастакоў прывялі ў чэрвені 1908 года да шматлікіх двубояў, што дало Рушчыцу падставу адмовіцца ад кіраўніцтва кафедрай у Акадэміі. Ён прымае рашэнне аб выездзе з Кракава.

Напрыканцы 1908 года мастак развітваецца з Кракавам і вяртаецца да роднай Вільні. У наступныя гады было шмат захадаў выцягнуць Рушчыца на пакінутыя ім кафедры ў Кракаве і Варшаве, аднак станоўчых вынікаў захады не далі.

Вярнуўшыся ў Вільню, Рушчыц меў за плячыма за трыццаць восем гадоў жыцця і амаль усю жывапісную творчасць. У 1906-1907 гадах паўстала ўжо няшмат карцін мастака, іх сюжэтамі галоўным чынам сталі інтэр’еры бацькоўскай хаты ў Багдаве. Сярод іх: “Пакой бабулі”, “Камінок”, “Пасля балю”, “У салоне” (1905 г. Багданаў, алей, кардон, 35×51,3; уласнасць Нацыянальнага музея ў Варшаве). Серыя гэтых карцін адносіцца  да бытавога варштатнага жывапісу. Гэтая серыя карцін замыкае жывапісную творчасць мастака.

З часу пераезду ў Вільню “яго захапленнем, - як піша Часлаў Янкоўскі, -  становіцца прышчэпліванне віленскаму грамадству зачаравання прыгажосцю, разумення прыгажосці, ушанавання прыгажосці. Ад моманту з’яўлення іў Вільні Рушчыца ніводнае мерапрыемства, ніводная ўрачыстасць, ніякі грамадскі і нацыянальны рух не адбываўся без яго ўдзелу”. Сваю дзейнасць тэатральнага дэкаратара ён распачынае ў траўні 1909 года інсцэніроўкай “Лілеі Венеды” Нуны Младзяёўскай у Польскім летнім тэатры. Драма была пастаўлена ў 24 сцэнах з пралогам, скампанаваным Рушчыцам. Як напісала Марыя Александровіч, праз 28 гадоў пасля паказу спектакля: “Чары мастацтва так авалодалі ў той час самымі непадатлівымі на ўздеянне прыгажосцю гледачамі, што тая ноч у Летні тэатры на Віленцы да сённяшняга дня жыве ва ўспамінах старых віленчукоў як найбольш моцнае тэатральнае ўражанне”.

У надзвычайна цяжкіх варунках (Польскі тэатр у Вільні месціўся тады ў драўляным “будане”, які застаўся ад цырка на Лукішках) Рушчыц у снежні 1912 года праектуе дэкарацыі і робіць эскізы касцюмаў для неарамантычнай драмы “Арлянё”. У наступным месяцы ён ладзіць “Вечар паэзіі” – уласную пастаноўку з дэкарацыямі, прысвечаную двум вестунам: А. Міцкевічу, С. Выспянскаму. Паказ складаўся з трох частак – уступу “Нябоскай камедыі”, карціны “Пра тое ж марыць на парыжскім бруку …” А. Міцкевіча і “Варшавянукі” С. Выспянскага. Часлаў Янкоўскі пад уражаннем ад таго вечара занатаваў: “Штораз выразней, штораз смялей вымалёўваецца місія Рушчыца на любімай яго Літве, місія пашырэння сярод нас зачаравання прыгажосцю…”

Віленскія інсцэніроўкі прынеслі Рушчыцу славу. Вясной 1914 года дырэктар новага будынка Польскага тэатра ў Варшаве Арнольд Шыфман даручае яму пастаноўку “Балядзіны” Ю. Славацкага. Спектакль, прэм’ера якога адбылася 7 траўня 1914 года, стаў вялікім трыумфам Рушчыца. Яго эскізы дэкарацый і касцюмаў назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю польскай сцэнаграфіі.

Асаблівыя заслугі Рушчыца ў развіцці віленскай кнігі. Кніжная графіка ў ягонай творчасці займала надзвычай важнае месца. Як пісалі віленскія бібліяфілы: “Кніга, зробленая рукой прафесара Рушчыца, - цэлая эпоха ў гісторыі віленскага кнігадрукавання. Яна з’яўляецца відавочным знакам усёй культуры Вільні пасля 1905 года. Увогуле Рушчыцаўскі стыль у графіцы, у прыватнасці, у кніжнай, валодае непараўнальнымі чарамі ўздзеяння. Сутнасць гэтага стылю грунтуецца перш за ўсё на тым, што мастак у сваёй творчасці заўсёды аб’ядноўвае думку з пачуццём і адначасова, уваходзячы ў аўтарскую ідэю твора, пластычнымі сродкамі прамаўляе да ўяўлення і сэрца чытача альбо гледача …”.

У апошнія гады перад I Сусветнай вайной выходзяць яго найбольш прыгожа аздобленыя кнігі: “Жураўцы” (1910), “Імартэлі” Ю. Славацкага (1910), “Шубраўцы ў Вільні” (1910), “Літва і Русь – памяці Сыракомлі” (1912), “Вільня сто гадоў таму” (1912) і шмат іншых. Яны сталіся сапраўднымі выдавецкім набыткам, чаго пры тагачасным паліграфічным узроўні было не так проста дасягнуць.

На пачатку I Сусветнай вайны Рушчыц знаходзіўся пераважна ў Вільні, дзе між іншым заняўся ўпарадкаваннем мастацкіх збораў “Таварыства сяброў навукі”. Вясной 1915 года ён праілюстраваў два першыя нумары віленскіх штотыднёвікаў “Przyjaciela”, “Jutrzenki” з матэрыяламі, прысвечанымі Польшчы. Пасля заняцця 18 верасня 1915 года немцамі Вільні і 24 верасня – Багданава, мастак ўвесь час знаходзіўся ў сябе на вёсцы – да красавіка 1919 года.

Пасля вызвалення Вільні 19 красавіка 1919 года, пасля 90-гадовага заняпаду, набыла актуальнасць справа адраджэння Віленскага універсітэта. Ужо на пачатку траўня Рушчыц абіраецца сябрам Камітэта аднаўлення Віленскага універсітэта, а неўзабаве арганізацыйная камісія па вяртанні страчанай маёмасці універсітэта даручыла яму вярнуць да жыцця факультэт прыгожых мастацтваў, адзін з шасці факультэтаў адроджанага універсітэта. Ён удзельнічаў ў рэдагаванні Статута, у падрыхтоўчых і арганізацыйных мерапрыемствах па адраджэнні універсітэта. Рушчыц імкнецца знайсці арганізацыйныя формы для факультэта прыгожых мастацтваў; шукае кандыдатаў на вакансіі выкладчыкаў кафедры і дадатковыя сродкі. Сочыць за вяртаннем гістарычным сценам універсітэта іх даўнейшага выгляду. Надае універсітэцкім дворыкам імёны – першага рэктара Пятра Скаргі, астранома Марціна Пачобута, паэта Мацея Сарбеўскага, мастака Францішка Смуглевіча і выпускнікоў гэтага універсітэта Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага. Некаторыя з дворыкаў захаваліся да сённяшняга дня. Стварае інтэр’еры Калоннай залы, залы  і памяшканні факультэта прыгожых мастацтваў. Праектуе універсітэцкія рэгаліі (рэктарскія і дэканскія нагрудныя ланцужкі), мантыі, памятныя табліцы, пячаткі, запрашэнні і праграмы. “Шырокай брамай, - гаворыць Рэмер, - уваходзіць прыгажосць у сцены універсітэта Стафана Батуры. Уваходзіць дзякуючы Рушчыцу, не без уплыву ўтворанагап ім факультэта прыгожых мастацтваў. Яго мастацтва ніколі не канцэнтруецца ў адным месцы і ў адным прадмеце. Сімвалам гэтага з’яўляецца рэктарскі ланцужок, ствараючы які, мастак хацеў, каб акрамя эмблемаў навукі і мастацтва для кожнага факультэта быў уведзены і раслінны матыў, які з часам мог бы стаць апазнавальным знакам кожнага з факультэтаў”.

28 жніўня 1919 года Галоўны начальнік Язэп Пілсудскі зацвярджае пяць першых кандыдатур Рады універсітэта імя Стафана Батуры (УСБ), у тым ліку Фердынанда Рушчыца. У верасні таго ж года ён абіраецца ардынарным прафесарам жывапісу УСБ.

Используются технологии uCoz