Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц

(1870-1936)


Галоўная  Уводзіны  Біяграфія  Творчасць  Карціны  Музей  в. Багданава

Літаратура  Вэб-рэсурсы  Матэрыял  Гумар  Гасцявая  Творца

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Старонка1 | Старонка2 | Старонка3 | Старонка4


 

Крыніцы творчасці  мастака

(Старонка1 | Старонка2 | Старонка3 | Старонка4)

У дзень адкрыцця Віленскага універсітэта 11 лістапада 1919 года Рушчыц па ўласным сцэнарыі ладзіць урачысты вечар у тэатры на Пагулянцы, які складаўся з фрагментаў “Жыгімонта Аўгуста” С.Выспянскага, карціны “Сто гадоў таму”, у якой адлюстраваны момант уручэння маладому А. Міцкевічу ў Калонннай зале Віленскага універсітэта дыплома пра заканчэнне, а таксама дванаццаць фрагментаў з драмы  С. Выспянскага “Легіён”.

Падчас бальшавіцкага контрнаступу 1920 года мастак у Варшаве падаецца ў войска вольназапісаным. Восенню таго ж года як адзін з першых прафесараў вяртацца ў Вільню і бярэцца за працу па перапыненай ваеннымі падзеямі арганізацыі і пашырэнню факультэта прыгожых мастацтваў УСБ.

Рушчыц прымае ўдзел ва ўсіх падзеях грамадска-культурнага жыцця Вільні. У 1919 годзе ён выбіраецца радным горада Вільні. Абавязкі раднага Рушчыц выконвае без перапынку да 1927 года, узначальваючы камісіі па назвах вуліц і паркаў  у Гарадской радзе. Ён з’яўляецца ініцыятарам і старшынёй Таварыства аматараў Вільні, кіраўніком Камітэта будаўніцтва помніка Вызвалення, шматгадовым віцэ-прэзідэнтам Камітэта будаўніцтва помніка Адаму Міцкевічу ў Вільні, кіраўніком мастацкай секцыі гэтага ж камітэта. У 1927 годзе ён узначаліў мастацка-дэкарацыйную секцыю Камітэта па каранацыі абраза Вострабрамскай Маці Божай.

Апрача педагагічнай і грамадскай працы, Рушчыц і далей займаецца ў Вільні ўсімі тымі формамі творчай дзейнасці, што і да I Сусветнай вайны. Малюе вокладкі, кантралюе кніжную паліграфію і выдавецтвы, аздабляе праграмы, запрашэнні, афішы, паштовыя і разліковыя маркі, медалі, пячаткі і эмблемы. Паводле ягоных эскізаў вырабляецца больш за дзесяць штандараў для войска, рамесных цэхаў, школ, таварыстваў, у тым ліку штандарт Польскай студэнцкай моладзі УСБ. У 1921-1923 гадах ён ставіць па ўласных сцэнарыях ў гарадской зале паратэатральныя спектаклі, яскравыя відовішчы з шырокім удзелам студэнтаў УСБ, якімі пасля адчыняліся штогадовыя студэнцкія балі. Іх храналагічны пералік: “Кулік сто гадоў таму”, “Гульбішча на Ніжнім замку ў часы Жыгімонта і Барбары”, а таксама “Уцёкі ў прастору”. Як згадвае ўдзельнік тых вечароў Ігнат Відаўскі: “Гэта заўсёды былі сцэнічныя кампазіцыі з вялікім размахам, задуманыя, створаныя і выкананыя Рушчыцам. Да сумеснай працы ён прыцягваў маладых паэтаў, мастакоў, архітэктараў, музыкантаў, дэкаратараў; умеў ад кожнага атрымаць тое, на што ён творчай энеогіі і ўзняць да адпаведнага ўзроўню. Бясконца шчодры ў сваім рознабаковым багацці, нястомны. Ён хацеў усю сваю невычарпальную мастацкую скарбонку перадаць маладым.”

У міжваенны час у прафесійных тэатрах Вільні Рушчыц ладзіць два спектаклі: у 1924 годзе “Сід” Карнеля, а ў 1930 годзе, падчас дырэктарства Аляксандра Зэльвяровіча, “Лістападаўскую ноч” С.Выспянскага да стагоддзя паўстання – гэта апошняя інсцэніроўка Рушчыца.

У 1921 годзе як прадстаўнік польскіх мастакоў ён разам з Эдвардам Віцігам робіць экспазіцыю ў Grand Palais першай афіцыйнай выставы польскага мастацтва ў Парыжы. Яна вылілася ў вялікую маніфістацыю польскай культуры за мяжой. З нагоды той выставы французскі ўрад адзначае мастака кавалерскім ордэнам “Ганаровага легіёна”. У 1929 годзе Рушчыц зноў наведаў Парыж як прадстаўнік універсітэта Стафана Батуры, пасланы на ўрачыстасці, звязаныя з адкрыццём помніка Адаму Міцкевічу. Ён сам тады “адчуў незвычайную ўзрушанасць, калі мог сказаць, што будзе пасланцом універсітэта, вучню якога адкрываецца помнік”.

У 1928 годзе Рушчыц арганізоўвае ў Вільні Рэгіянальную выставу, якая адчынілася ў жніўні адначасова з першымі Паўночнымі кірмашамі з мэтай паказаць дасягненні адроджанай гаспадаркі  і культуры на паўночна-ўсходніх землях Рэчы Паспалітай.

Месцам для экспазіцыі былі абраны Бернардынскія муры, што дало Рушчыцу магчымасць адрэстаўраваць іх паводле ўласнага праекта.

На 1929 год прыпаў 350-гадовы юбілей з часу заснавання Віленскага унівесітэта і 10-я гадавіна яго адраджэння. У рамках святочных мерапрыемстваў з Парыжа былі перанесены і пахаваны на Росе парэшткі Іаахіма Лялевеля. На юбілейных урачыстасцях прысутнічаў прэзідэнт Рэчы Паспалітай Ігнат Масціцкі. Пры арганізацыі і наданні мерапрыемствам адпаведнага мастацкага ўзроўню таксама не абышлося без Рушчыца.

Вялікім асабістым узрушаннем для Рушчыца стала адкрыццё ў верасні 1931 года каралеўскіх пахаванняў  у лёхах Віленскай кафедры. Каб падкрэсліць незвычайнасць падзеі, мастак упрыгожвае сярэдзіну базылікі. Тады ж з’яўляецца шэраг яго пастэльных малюнкаў парэшткаў караля Аляксандра I і дзвюх жонак Жыгімонта Аўгуста, каралеўнаў Эльжбеты і Барбары Радзівіл.

Яшчэ адзін занятак быў асабліва дарагі мастаку. Захапленнем Рушчыца, як гэта падкрэсліваў Часлаў Янкоўскі: “Было адкрыццё і дэманстрацыя перад усімі віленскай прыгажосці”. З вялікай самааданасцю, ніколі не шкадуючы часу, ён знаёміў незлічоную колькасць дэлегацый, камісій, экскурсій, розных афіцыйных асобаў, і перш за ўсё замежных, з гісторыяй, культурай і помнікамі Вільні.

У лістах і гутарках Рушчыц дзяліўся з сучаснікамі сваімі пра мастацкія традыцыі Вільні, пра яе мінулае, знаёміў іх са сваімі задумамі наконт яе будучага развіцця. Прамаўляў, навучаў, пісаў артыкулы, занатоўваў успаміны.

Як заўважыў Вітольд Гулевіч, усе гэтыя рознабаковыя формы дзейнасці і ўсе іпастасі, у якіх выступаў Рушчыц, былі злучаны “суцэльнай, заўжды шляхаводнай ніткай ідэі, сапраўды фантастычнай idée fixe, якая падсвечвала кожнае ягонае пачынанне; той idée fixe была выдуманая, выпешчаная Вільня будучыні, якую ён бачыў вачыма сына, патрыёта, мастака. Мы бачым Рушчыца ў ролі настаўніка, прапагандыста, арганізатара, прамоўцы, праектанта ва ўсіх відах мастацтва, яго прадстаўніка, інсцэніроўшчыка, выдаўца – не забываемся пра яго як пра непараўнальнага апавядальніка і надзвычай мілага чалавека …”.

У 1935 годзе прэзідэнт Рэчы Паспалітай надае яму званне ганаровага прафесара універсітэта Стафана Батуры ў Вільні. Пасля смерці мастака  з 1936 па 1939 гады ў перыядычным друку з’явіліся шматлікія артыкулы, паведамленні, рэцэнзіі, успаміны, прысвечаныя ягонай мастацкай творчасці і грамадска-культурнай дзейнасці. Перад пачаткам II Сусветнай вайны выходзіць калектыўны зборнік, прысвечаны жыццю і дзейнасці мастак – Ferdynand Ruszczyс. Życie i dzieło. Księga zbiorowa wydana staraniem komitetu uczczenia pamięci artysty. Wilno, 1939. Прыгожа выдадзеная, на жаль, абмежаваным накладам, гэтая кніга зараз з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю.

У 1964 годе ў сувязі з адкрыццём у варшаўскім Нацыянальным музеі вялікай выставы Рушчыца адбылася навуковая сесія, прысвечаная ягонай творчасці, а ў перыядычным друку зноў з’явіўся шэраг згадак пра дзейнасць мастака. 10 снежня 2000 года адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння мастака. У межах падрыхтоўкі да гэтай падзеі на багданаўскай зямлі праходзіла многа розных мерапрыемстваў.

У жніўні 2000 года ў Багданаве праходзіў першы нацыянальны пленэр імя Ф. Рушчыца. Гэту акцыю з удзелам мастакоў Беларусі і Польшчы праводзіў Беларускі саюз мастакоў і рэспубліканская творчая суполка "Пагоня. На месцы былой сядзібы Рушчыца адбыўся мітынг і святочны канцэрт. На працягу некалькіх дзён ладзілася выстава ўдзельнікаў пленэра.

У верасні 2000 года адбыўся другі пленэр пад назвай Міжнародны пленэр “Неба і зямля Фердынанда”. Дванаццаць знакамітых мастакоў з Беларусі, Польшчы, Літвы прынялі ўдзел у мерапрыемстве. У Багданаўскай школе была арганізавана сустрэча, а затым выстава работ мастакоў, якія з 2 па 12 верасня малявалі багданаўскія краявіды.

8-9 снежня 2000 года Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і Беларускі саюз мастакоў праводзілі ўрачыстасці, прысвечаныя 130-ай гадавіне з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца.

Используются технологии uCoz